РЭМАНТА́НТНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, здольныя да паўторнага або шматразовага цвіцення і плоданашэння на працягу аднаго вегетац. перыяду. Маюць вельмі кароткі перыяд спакою і здольнасць перыядычна (на працягу 2—3 тыдняў) закладваць пладовыя пупышкі, якія хутка прарастаюць, адбываецца аддзяленне бутонаў, цвіценне і плоданашэнне амаль да замаразкаў. Да Р.р. належаць травяністыя (напр., алісум, лабелія, рэмантантны гваздзік), дэкар.-кустовыя (рэмантантныя і чайнагібрыдныя ружы, некат. віды спірэі), цытрусавыя, ягадныя (некат. сарты суніц і малін) культуры. Пры спрыяльных пагодных умовах (цёплая і вільготная восень пасля сухога лета) рэмантантнасць бывае ў бэзу, вішні, грушы, яблыні і інш. Пры паўторным цвіценні і плоданашэнні кветкі і плады драбнеюць, насенне горш узыходзіць. Выкарыстоўваюцца ў дэкар. і аматарскім садаводстве, кветкаводстве.

В.​М.​Прохараў.

т. 14, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)